Яна стаяла адна - старая хата без гаспадароў. Засмучаная і бездапаможная, ціха плакала кроплямі дажджу, што безупынку сцякалі па брудным шкле. Восеньскі вецер абразліва кідаў ёй у твар апошнія, счарнелыя ўжо лісты яблыні, што расла побач, і ад гэтага станавілася яшчэ больш крыўдна і нудна. Старая хата не магла, не мела аніякай магчымасці адказаць на ўсе нягоды жыцця ўтульным святлом у сваіх вачах-вокнах, дзіцячым смехам у пакоях, прыемнымі штодзённымі клопатамі і турботамі. Яна ўжо даўно нічога не магла.
Дваццаць гадоў стаяла хата адна, пустая. Як быццам і не выпеставала ў сценах сваіх чацвёра дзяцей, як быццам і не звінела ніколі галасамі ўнукаў. Усё было: гадавала, лашчыла, вабіла да сябе з далёкіх дарог пахам свежага хлеба. Ды гэта ўжо ў мінулым, і толькі памяць нуднымі, халоднымі начамі не давала спакою…
Хата ніколі не забудзе гаспадароў і стваральнікаў сваіх - руплівую майстрыху-швачку Парасю і каваля на многія вёскі Саню, разумнага, дзелавога і працавітага. Больш за 20 гадоў таму адышлі яны ў іншы свет, дзе ўжо не патрэбны былі ні гаспадарка, ні ўласны дом. Ды засталося іх насенне - дзеці, што былі ўжо даўно дарослымі і мелі свае сем'і. Менавіта дзеці Парасі і Сані доўгі час не давалі хаце адчуць сябе адзінокаю і непатрэбнаю. Часта заходзіў малады Лёнік, што жыў тут жа, у вёсцы. Абкошваў надворак, збіраў яблыкі і падпраўляў плот, калі якой-небудзь штыкеціне раптам не хацелася стаяць на месцы сваім. Бывала, сядзеў у хаце з сябрамі: гутарылі пра немудрагелістыя сялянскія справы, выпівалі чарку-другую без нагляду і нараканняў з боку жонак. І хаце рабілася весялей, хоць мужчыны і не заўсёды прыбіралі за сабой, а яна да гэтага не прывыкла.
Улетку на час водпуску заўсёды прыязджала з дзецьмі Галя, старэйшая Парасіна дачка, яна мыла і чысціла, выбівала падушкі і перасушвала бялізну, і ў хаце зноў станавілася прыгожа і ўтульна, поўнілася яна радасцю і дзіцячым смехам. О, гэта былі залатыя дні, якія, на жаль, так хутка праляталі. І хата бачыла,як любяць яе, з якой цяжкасцю развітваюцца. Чула,як бліжэй да ад'езду ўсё часцей уздыхае Галя і часам употайкі выцірае пад акулярамі мокрыя вочы. Заўважала,з якім смуткам і шкадаваннем ідзе на аўтобус унучка Аленка, цішком пакінуўшы перад тым на прызбе цукерку, і доўгія месяцы да наступнай сустрэчы хату цешылі гэтыя светлыя ўспаміны і ўпэўненасць у тым, што яна патрэбная дзецям сваім і ўнукам.
Значна радзей, але бывалі і Іван, і Люба. Аднак, як здавалася хаце, гэтыя больш былі заняты ўласнымі турботамі і справамі. А можа,гэта толькі так здавалася?
А гады няўмольна ішлі. І ўсё радзейшымі рабіліся сустрэчы. Дзеці пакуплялі дачы бліжэй да горада, і хата,пакрыўджаная,не магла зразумець: нашто будаваць нейкія закуткі немаведама з чаго,калі была яна, і яна чакала? Ды,відаць,так трэба.
А потым здарылася і зусім страшнае: у адзін год памерлі Іван і Лёнік,хоць абодвум да старасці было далёка, і вось тут хата сапраўды стала сіратою. Счарнела і аблупілася яна ад гора. Неяк адразу пачалі валіцца платы,разбурыўся комін, а да самага ганку падабралася нахабная крапіва,якую ўжо ніхто не спыняў.
У хуткім часе на закінутым надворку сталі пасціся суседскія гусі і ненасытныя качкі. Нікому не патрэбныя, на зямлі гнілі яблыкі,а гарод зарос высокім бур'яном. Сорамна было хаце. Прыніжаная, стаяла яна,не смеючы вачэй падняць на акуратненькіх суседак сваіх,і на чысценькую вуліцу з роўнымі платамі. Бруднай неахайнай плямай стала хата на гэтай вуліцы. І інакш ужо нікім не ўспрымалася. Абражаная,чакала разбурэння- смерці сваёй. Ды і нашто жыццё,калі нікога не грэць?
А аднойчы хаце прысніўся сон. Быццам Лёнікаў сын Віця ажаніўся і сюды, у хату, прывёў маладую і прыгожую жонку сваю. Тут маладыя зажадалі жыць,пабялілі сцены,павесілі свежанькія фіранкі, запалілі агонь у печы. Захлынулася хата ад шчасця і – прачнулася.
Лепш бы ўжо ніколі не прачынацца ей! Да яе цягнула мокрыя чорныя рукі ноч, і жудасна было, і здрыганулася хата,і заплюшчылася ад страху. І пацяклі слёзы з вачэй-вокнаў, чаму дапамог пранізлівы восеньскі дождж.
Неба,зацягнутае хмарамі, не свяціла ніводнай зоркаю. Абыякавы месяц часам пазіраў на зямлю і не было яму аніякай справы да старой адзінокай хаты і тысячы іншых такіх самых няшчасных сірот-хацін, што прыніжана чакалі сваіх гаспадароў. З вялікай літары Гаспадароў. Надзея… Яна заўсёды памірае апошняй.
P.S. А Ваша хата? Як адчувае сябе пакінутая Вамі хата?