Лілія Ваўчок, Цімафей Малахоўскі
Прыказкі ўваходзяць у наша жыццё разам з матчыным словам. Мы іх запамінаем з размоў, з гутарак, з жывой беларускай гаворкі, слухаючы казкі, песні, легенды, паданні, чытаючы мастацкія творы. Яны захапляюць увагу слухача і чытача тым, што маюць кароткую, лаканічную форму і яркі, змястоўны сэнс. Славутым фалькларыстам Г.Л. Пермяковым быў прапанаваны тэрмін "асабісты парэміялагічны фонд”, які заключае ў сабе ўсё тое багацце прыказак і прымавак, якія выкарыстоўваюцца дадзеным прадстаўніком традыцыі на працягу жыцця. Гэты фонд у адных налічвае дзесяткі, у іншых – сотні, у асобных – больш тысячы парэміялагічных адзінак. Мала таго, найбольш таленавітыя, творчыя асобы здольныя самі ствараць новыя прыказкі, аднак – што вельмі і вельмі істотна – па традыцыйных узорах і мадэлях. Побач з намі часам жывуць людзі, гаворка якіх настолькі багатая на трапныя выразы, настолькі яскравая і вобразная, што здзіўляешся і захапляешся. І ў той жа час міжволі хочацца не толькі слухаць, але і запамінаць і нават запісваць. Такім унікальным чалавекам, яркім носьбітам традыцыі з’яўляецца жыхарка вёскі Гоцк Салігорскага раёна Ліхтар Ульяна Піліпаўна. Ульяну Піліпаўну вылучае прыродны розум, высокаразвіты эстэтычны і нават паэтычны талент, маральная сфарміраванасць, цікаўнасць, гумар і эмацыянальнасць, якія спалучаюцца з ведамі народнага жыцця, з глыбокай абазнанасцю ў традыцыйнай культуры. Асабісты мастацкі густ спрыяе трапнаму і яркаму адбору вобразаў і мастацкіх сродкаў. Ульяна Піліпаўна нарадзілася ў 1939 годзе ў Гоцку, дзе і пражыла ўвесь свой век. Лёс ёй падараваў пяцярых дзяцей. Жыццё не было лёгкім: жанчына рана страціла бацьку, аўдавела, цяжка фізічна працавала на цагляным заводзе, каб падняць на ногі дзяцей. Але яе заўсёды ратавала і падтрымлівала цёплае, мудрае, глыбокае народнае слова, якое яна ўмела чуць, адчуваць сэрцам і душой. Можа, таму яна столькі памятае трапных выслоўяў, пачутых ад свайго дзеда – Дзмітрыя Лукашавіча Канановіча. Прыродная назіральнасць, уважлівасць дапамаглі ёй узнавіць і захаваць пэўны асабісты фонд. Ульяну Піліпаўну вылучае прыродны розум, высокаразвіты эстэтычны і нават паэтычны талент, маральная сфарміраванасць, цікаўнасць, эмацыянальнасць і гумар, якія спалучаюцца з ведамі народнага жыцця. Асабісты мастацкі густ спрыяе трапнаму і яркаму адбору вобразаў і мастацкіх сродкаў. Мясцовыя прыказкі вылучаюцца з агульнай масы сваімі моўнымі і вобразнымі асаблівасцямі. Гэта звязана з тым, што ў сучаснай вёсцы захавалася сапраўдная дыялектная гаворка. Разам з тым, сярод запісаных прыказак нямала прыкладаў арыгінальных і сваім вобразным, змястоўным напаўненнем. Трапныя выслоўі ў выглядзе прыказкі абагульняюць вялікі народны вопыт, сцвярджаюць важную філасофскую думку, робяць глыбокі вывад, даюць парады, называюць рысы характару, даюць ацэнку з’явам, рэаліям, сітуацыям. У прыказках у дакладным выглядзе падаюцца дзеянне і яго вынік праз шматразовыя, замацаваныя вопытам назіранні. Пад кожную прыказку і прымаўку ў жыцці знойдзецца сітуацыя. У адным выпадку гэта будзе дакладнае дзеянне, а ў другім – характарыстыка разнастайных рыс, звычак, паводзін чалавека, характарыстыка абстрактных з’яў ці прадметаў. Людзі, кіруючыся сваімі назіраннямі пры складанні прыказак і прымавак, праяўлялі незвычайную кемлівасць, розум, веданне жыцця, калі аддавалі перавагу дзеясловам з пераносным значэннем. Такія прыказкі і прымаўкі прымушаюць разважаць, здагадвацца, супрацьпастаўляць, аналізаваць, параўноўваць, развіваць тонкае ўспрыняцце жыццёвай сітуацыі, рабіць уласныя вывады, выхоўваць ў чалавека лепшыя якасці і рысы. Глыбокі сэнс дасягаецца праз падтэкст, праз намёк. Гэта яшчэ раз сцвярджае тое, што беларускі народ ад прыроды мае востры розум і незвычайную кемлівасць. Народны вопыт, увасоблены ў прыказках, сцісла і выразна характарызуе ўсю шматбаковасць жыцця: быт, веру, паводзіны, рысы чалавека, сацыяльныя ўмовы, унутраны свет чалавека. Беларус ніколі не мог жыць без жартаў, бо жарт ратаваў, падбадзёрваў, асабліва ў цяжкія хвіліны. Ад прыроды селянін меў пачуццё гумару, умеў развесяліць і сябе, і іншых. Гэта відаць і ў прыказках – жартоўных. Асаблівай змястоўнасцю і глыбінёй, філасафічнасцю вылучаюцца прыказкі духоўна-рэлігійнай накіраванасці. Заўсёды беларусы былі сапраўднымі хрысціянамі, шчыра верылі і цанілі святое – Бога, спадзяваліся на яго падтрымку. Адзін нос ды тырчаць робра, але як дасць Бог, то ўсё будзе добра. Пакуль да Бога, дык чорт душу выйме. Госпадзі, пасоб, памажы дагнаць жыццё да мяжы. Бог не адну пару лапцей стаптаў, пакуль пару сабраў. Як Бог даваў красату, то я спала, а як шчасце даваў, то ўстала.Вобразы маці і дачкі, сямейныя трыдыцыі, якія захоўваліся спрадвеку, асабліва пяшчотна, мякка адлюстроўваюцца ў сабраным матэрыяле. У маці заўсёды быў клопат пра дзяцей, духоўная блізасць з дачкой, як з лепшай сяброўкай. Я ў раду, як у мяду. Дай Божа майму сыну наперад, што дзед мае ззаду. Не для таго я цябе нарадзіла, каб ты мне век укараціла. Свой не заплача, то хоць паморшчыцца.Перасцярога, асцярожнасць, дбайнасць – уласцівыя рысы беларуса. З даўніх часоў ён імкнуўся захаваць здароўе, дабрабыт. Таму частка прыказак утрымлівае параду, павучанні, роздум. Характэрна беларусам і духоўная чысціня, высокая мараль. Як пісаў Я.Купала: "У беларускую дзяўчыну ніхто яшчэ каменем не кінуў”. Чалавечая вартасць – на першым месцы, каб не было сорамна, брыдка перад людзьмі. Клюй з курамi кашу – не асуджай Машу. Дзе сядзеш, там злезеш – нікуды не даедзеш.Многія прыказкі зместам нагадваюць байку, маюць сатырычны, асуджальны падтэкст. У іх высмейваюцца заганы чалавека: гультайства, самаўпэўненасць, глупства, неахайнасць, баязлівасць, прыстасаванства і іншыя. Наперадзе – строй, а ззаду – хоць з граблямі стой. Маладзец супраць авец, а хто супраць малайца, то і сам – аўца. Драпежніца шчука загрызе і карася, і яго ўнука. Як п’ян, дык капітан. Трымацца за лапу горачу, хоць за сабачу.Тонкае ўспрыняцце свету, імкненне да прыгожага назіраецца ў прыказках з рысамі мастацкага лірызму, з паэтызацыяй вобразаў. Плача бярозка, а каму трэба яе слёзка. Ціхая вада берагі мые. Ты, сарока-белабока, не снуй кросны каля бока. Хто рвецца ў райскі сад, азірнуццца бы назад. Клён казаў рабіне, што без яе гіне. У прыказках – усе сферы жыцця: беднасць, багацце, гора і шчасце. Беларус рабіў усё дзеля таго, каб змагацца з беднасцю. Як духоўныя нацыянальныя каштоўнасці ўслаўляюцца станоўчыя рысы чалавека: працалюбства, гасціннасць, клопат аб людзях, дбайнасць аб заўтрашнім дні, спагада, міласэрнасць, разважлівасць, назіральнасць, кемлівасць, мудрасць, патрыятызм. Ад самага парога калючымі шыпамі ўсыпана дарога. Дзе Макар цялят не пасе, там чортава вяселле ідзе. Не колецца грывец, ды колецца гразь. Бяры хату і лапату – і глядзі бабу гарбату. Старац старцу не боліць, што папераду ходзіць.Беларусы заўсёды ад прыроды былі вельмі цікаўнымі, назіральнымі. Яны ўмелі заўважаць адметнасць чалавека, асаблівасць жыццёвай сітуацыі, аналізаваць, даваць ацэнку, рабіць вывады. Гэтыя назіральныя абагульненні ўтрымліваюцца ў прыказках з разумовымі заключэннямі. З ляску прыйдзе, а з пяску – ніколі. Лепш з дубам сумаваць па галлі, чым з галлём па дубе. Не колецца грывец, ды колецца гразь. Дума за марамi, хоць і смерць за плячамi.У прыказцы – святая праўда, неаспрэчная ісціна, бо ў ёй – усе сферы жыцця. А зараз пачастуйцеся сакавітымі выслоўямі Ульяны Піліпіпаўны аб сямейных адносінах ды духоўна-маральных прынцыпах. Сямейна-бытавыя прыказкі
1. Адну – у я́му, а на другую гляну (пра ўдаўца). 2. Айся, бо пераскочу. Кыш, бо павалюся (пра ўзрост). 3. Баба з возу – каню лягчэй. 4. Байструк – з Божых рук (пра неабходнасць спагадлівага стаўлення да пазашлюбнага дзіцяці. Байструк – дзіця, народжанае без мужа). 5. Бог не адну пару лапцей стаптаў, пакуль пару сабраў (кажуць пра тых, якія не ўступаюць адно аднаму па сваіх адмоўных якасцях, – мужыка і жонку, сяброў і г. д. Гл. таксама Чорт сем пар лапцей стаптаў, пакуль такую пару дабраў). 6. Брат любіць сястру багатую, а муж жонку здаровую. 7. Брат, у цябе ўсяго шмат. 8. Бяры хату і лапату і глядзі бабу гарбату (кажуць, калі хочуць пазбыцца нейкай адказназці ці клопату пры матэрыяльных выгодах). 9. Варыла прываротнае зелле на яго вяселле (помста пакінутай дзяўчыны). 10. Гадуй дзеці, а пад старасць галаву няма куды дзеці (гл. таксама Гадуй дзеці, а потым недзе галавы падзеці). 11. Гаруй, нябожа, табе Бог дапаможа (вера ў лепшую долю). 12. Гушча дзяцей не разганяе. 13. Дай бог адным куском падавіцца (пажаданне толькі раз і ўдала выйсці замуж). 14. Дай Божа майму сыну наперад, што дзед мае ззаду (гэтак прыказваюць пра сялянскі розум. Гл. таксама Каб майму сыну той розум наперад, што ў мужыка ззаду). 15. Два сыны я маю: і пагоду, і дождж угадаю (аб падтрымцы бацькоў дзецьмі). 16. Дзе сава спявала, там маці дачцэ лёс наракала (аб немагчымасці прадугадаць будучае). 17. Дзед - за парог, баба – за пірог (кажуць, калі хто-небудзь робіць недазволенае ў чыю-небудзь адсутнасць). 18. Дочак сем - дык і доля ўсім, а дачка адна - дык і доля жадна (пра нешчаслівы лёс аднаго дзіцяці ў сям'і). 19. За добрым мужам жонка маладзее, а за ліхім тварык марнее (у сям'і вельмі многае залежыць ад паводзін, якасцяў мужа. Гл. таксама За добрым мужам і варона жонка, а за благім і княгіня загіне). 20. За харошым мужам і чуліндра каралева (чуліндра – непрыгожая жанчына). 21. За свае латы ды пайшла з хаты (пра сварку і крыўду). 22. Зажменіла руку на сваю муку. 23. К горкай маёй долі прынясла ў прыполе (нараканне на нараджэнне пазашлюбнага дзіцяці). 24. К нашаму берагу то смецце, то трэска. 25. Каб умеў пець, танчыць, то дзела і гора наўчыць (звычайна патрабаванні да вясковай нявесты). 26. Кінь свае страсці ды ідзі кудзелю прасці (да дзяўчыны, што дужа захапілася любошчамі). 27. Красату куплю, а дабрату знайду (аптымістычна аб задуманым). 28. Кружыць завіруха каля майго вуха (аб пагрозе). 29. Лiжу, лiжу і нап’юся, ды і дома застануся (дома лепш, чым дзе). 30. Людзям шчасце наракала, а сабе не ўгадала (сваім лёсам упраўляць нялёгка). 31. Маёй дочцэ так добра жыць, што ў мяне душа баліць. 32. Малыя дзеці спаць не даюць, а вялікія жыць. 33. Мама за дачкой крочыць і долю прарочыць (пра любоў і клопат маці). 34. Маці парвала кішэню, насіўшы дзецям, а дзеці парвалі кішэню, хаваўшы ад маці. 35. Маці патрэбна і барадатаму, і нежанатаму. 36. Мая дачка – удача, не трэба і прыдача (хвастаўство: – Ваша Вольга вельмі разумная, адказная, сумленная дзяўчына. За што яна ні бярэцца – усё даводзіць да канца. – Хацелася б і жаніха ёй адпаведнага… Мая дачка – удача, не трэба і прыдача, – пажартаваў дзядзька Іван). 37. Мой край, ды не рай (пра цяжкасці). 38. На глухім не прападзе (аб глухаватым чалавеку, які, недачуўшы, выдае ўласную версію пачутага). 39. Не дай, Божа, дзіцяці, што думае маці (пра матчыны хваляванні, калі тая надумвае рознае нядобрае). 40. Не для таго я цябе нарадзіла, каб ты мне век укараціла. 41. Плача не так па Рыгору, як па свайму гору (пра прычытанні гаротнай ўдавы). 42. Прынясі, маці, масла, я ж тваю кароўку пасла (пра ўзаемавыгодныя адносіны). 43. Раскашуйся, маці, у вялікай хаце (крыўда нявесткі). 44. Свой не заплача, то хоць паморшчыцца. 45. Сляпы адзін не ходзіць, яго дзеці водзяць (пра догляд бацькоў у старасці). 46. Старая пільнуе старую, каб не ўгорнуць маладую (пра мудрасць). 47. Сын – чужы сем’янін. 48. Сядзі, баба, да вечара: табе бліноў напечана (пра бесклапотнае жыццё ў дагледжанай старасці). 49. Твая мацi і мая мацi пралi кудзелю ў адной хаце (пра дальняе сваяцтва. Гл. таксама Твая маці і мая маці пяклі бліны ў адной хаце). 50. У бабы дарога ад стала да парога. 51. У гасцях каша, а дома – гуляш (дома – лепш. Гл. таксама У гасцях каша, а дома кулеш, да за кашу лепш). 52. У дваццаць самі жэняцца, у дваццаць пяць людзі ажэняць, а ў трыццаць усім сялом не ажаніць (гл. таксама Маладога людзі жэняць, а старога і чорт не ажэніць). 53. У зяця заўсёды вінавата не рошча, а цёшча. 54. У Івана ўсе дочкі, а сам ходзіць без сарочкі (пра гультайства ці сквапнасць). 55. К цётухне – не к матухне. 56. У чужое шчасце не ўкупішся. 57. Хай сякi-такi мужчына, абы дровы ды лучына. 58. Як жаніха выбірала, дык гора не знала (аб ўзросце, калі маладым не хапае разважлівасці, удумлівасці). 59. Як наставіш рогі, то паломіш ногі. 60. Ятраўкі – як ваўкі.
Духоўна-маральныя прыказкі
61. Барыс і Ілля – у Бога хлопчыкі два (захоўванне хрысціянскіх традыцый). 62. Бог любіць тройцу. 63. Бог не б’е пірагамі, а даверху нагамі (пра жорскія ўдары лёсу). 64. Бог не б’е пугаю, а б’е знянацку (тое ж ). 65. Бог не без міласці, казак не без шчасця (гл. таксама Бог не без міласці, а казак не без долі: ці худая, ці харошая — усё будзець). 66. Бог не слухае, што свіння рухкае (бог не слухае нагавораў, паклёпаў). 67. Госпадзі, пасоб, памажы дагнаць жыццё да мяжы. 68. Грукоча Божая калясніца: як нам з ёю памірыцца (пра боязь навальніцы). 69. Грэх – у мех, спасенне – у торбу. 70. Дай, Божа, у ногi для доўгай дарогi. 71. Едзе Бог на калясніцы – трэба нам перахрысціцца. 72. Ёсць адна дарога – да Госпада Бога (пра галоўнае ў жыцці). 73. Закрый нас, Божа, і ў дарозе, і на парозе (прыгавор пры адпраўленні ў дарогу). 74. Карай, Божа, усім, толькі не ліхім мужам. 75. Калі старцу не даць – Божай ласкі не відаць (старац даўней лічыўся святым чалавекам). 76. Мы ўсе пад Богам ходзім. 77. Не дай Бог такі пірог (нараканне на злую долю). 78. Ад п’янага і Бог з дарогі сходзіць (пра спачувальна-асуджальнае стаўленне да п'янага. Гл. таксама П'янаму і чорт з дарогі саступая). 79. Чым свет даражыць, тое перад Богам бедна (аб разведзенасці духоўных памкненняў і зямных клопатаў). 80. Сірата, Бог адкрывае табе варата (пра падтрымку няшчасных. Гл. таксама Над сіратою Бог з калітою). 81. Не раўняе Бог лесу і людзей (гл. Бог лесу не ўраўняў, а людзей тым больш). 82. Пакуль да Бога, дык чорт душу выйме).
|