Юлія Буд-Гусаім
Пасля заканчэння Вялiкай Айчыннай вайны прайшло шмат часу. З кожным годам усё менш i менш застаецца людзей, якiя былi ўдзельнiкамі i сведкамi тых жудасных падзей.
Мне пашанцавала даведацца пра тыя падзеі з першых вуснаў - ад маіх прадзедаў Баброўскага Мiкалая Мiкалаевiча i Баброўскай Яўгенiі Канстанцiнаўны, якiм у пачатку вайны было па 13 гадоў. Жывуць яны ў Гродзенскай вобласцi, у гарадскiм пасёлку Наваельня. Я з iмi часта сустракаюся, i мне цiкава слухаць iх успамiны пра тыя далёкiя гады, калi яны былi падлеткамi. Я ўважліва слухаю iх i яскрава ўяўляю даўнія падзеi. Мой прадзядуля расказвае: "Пайшлi мы ранiцаю з хлопцамi на рыбалку. Прайшло гадзiны дзве, у цiшынi пачуўся нейкi незнаёмы гул, а затым у небе з’явiлася шмат самалётаў. Ляцелi яны нiзка над зямлёй, i на iх былi нямецкiя крыжы. Мы са страху пакiдалi вуды i пабеглi дадому. Бацькi нам растлумачылi, што пачалася вайна”.
Хутка ўсе мужчыны пайшлі ваяваць з захопнiкамi, у iх ліку былi бацькi бабулi i дзядулi. У вёсцы засталiся толькi жанчыны з дзецьмi, на iх плечы ўзвалiлася ўся работа. Хлопцу ў 13 гадоў прыйшлося араць поле, сеяць жыта, садзiць бульбу, каб пракармiць мацi i дваiх меншых братоў. Ратавала тое, што ў iх быў конь. Не толькі сабе, але і аднавяскоўцам яны дапамагалі апрацоўваць зямлю. Пра гэтага каня дзядуля расказвае з асаблiвай пяшчотай: "Конь быў вельмі разумны: калi прыходзiлася хаваць яго ў лесе ад немцаў, то конiк стаяў у кустах цiха, ледзь дыхаў”.
Бабуля ўспамiнае, што яе бацька таксама пайшоў на фронт. Хата iх стаяла на ўскрайку вёскi, ля лесу. У тых мясцiнах размяшчаўся партызанскi атрад. Начамi партызаны прыносiлi муку, i бабуля са сваёй мацi i сястрой пяклi хлеб, а ранiцай партызаны адвозiлi свежыя боханы ў атрад.
Партызаны не давалi спакою немцам. Недалёка праходзiла чыгунка, i часта ў вёсцы расказвалi, што на чыгунцы зноў адбыўся выбух – гэта ўзарвалi нямецкi састаў. Карнiкi ўсё больш лютавалi: забіралi ў вяскоўцаў жывёлу, маёмасць. Не шкадавалi яны i людзей: з вёскi забралi 44 чалавекі - падлеткаў i жанчын - на работы ў Германiю. Дзядуля наш таксама быў у гэтым спiсе, але мясцовы доктар, якi праводзiў абследаванне, пашкадаваў хлопца. Ён напiсаў, што падлетак не падыходзiць па стане здароўя. Пасля вайны з Германii вярнулася толькі 7 чалавек, некаторыя з iх былi моцна хворымi i хутка памерлi.
Слухаючы гэтыя апавяданнi, я запыталася: "А ў гады вайны вучылiся ў школе?” Аказваецца, не вучылiся. Да вайны і бабуля, і дзядуля скончылі па 4 класы, а пасля дзядуля вучыўся ў школе, бабуля ж у школу не хадзiла, бо трэба было дапамагаць мацi па гаспадарцы. "Школа ў тыя гады была не такая, як зараз. Яна размяшчалася ў вялiкай хаце: у адной палове яе жылi гаспадары, а ў другой- вучылiся дзецi. На чатыры класы была адна настаўнiца. Спачатку сшыткаў не было, пiсалi на кавалачках паперы або рабiлi спецыяльныя маленькiя дошчачкi i пiсалi на iх крэйдаю цi вуглямi”.
Нягледзячы на такое цяжкае дзяцiнства, мае бабуля i дзядуля заўсёды былi аптымiстамi i навучыліся пераадольваць жыццёвыя цяжкасці. Гэтаму вучуся ў іх і я.
|