Бебка Мілана, 5 “А” клас
Успаміны прабабулі
Мая прабабуля хоць і не ваявала, але той страшны час добра помніць. Яна дапамагала ў час вайны партызанам. І хоць не вельмі любіць успамінаць ваеннае ліхалецце, але бывае. І калі пачынае расказваць пра той час, на вачах адразу з’яўляюцца слёзы:
Цяжка, унучка, было. Маці карміла нас - васьмёра дзяцей. А есці не было чаго. Выратоўваў бурачковы сок. Бацька пайшоў на фронт. Маці прыйшлося цяжка гадаваць адной дзетак. Дапамагалі суседзі, прыносілі ежу, адзенне. Спалі і на палацях, і на печы. Калі бацька прыйшоў з фронта, прынёс хлеба і цукру – помніў пра нас. Але прайшоў той ліхі час, пачалі адбудоўвацца людзі. Бацька таксама пабудаваў новы дом. І хоць цяжка было, але мы ўсё вытрымалі. Радаваліся Перамозе. Добра вам, дзеткі, зараз, толькі жыць і жыць. Адно толькі не лянуйся і жыві ў згодзе і міры з сабой і з людзьмі.
Я часта распытваю пра мінулае ў прабабулі. Разам і пасумуем, і парадуемся.
Я люблю сваю прабабулю.
Корж Марыя Цімафееўна, 20.08.1930 года нараджэння
***
Корж Уладзіслаў, 5 “А” клас
Свята Перамогі
У нашай краіне няма такой сям’і, якой бы не закранула Вялікая Айчынная вайна. І наша сям’я - не выключэнне. Мой прапрадзед таксама ваяваў. Яго ўжо няма ў жывых, але прабабуля мне часта распавядае пра яго. Ён быў мужным, меў многа узнагарод – наша сям’я ганарыцца ім. Я часта дастаю старыя альбомы і разглядаю фатакарткі мінулых гадоў. На некаторых здымках я назіраю падабенства прапрадзеда да мяне. Я вельмі ганаруся гэтым і буду памятаць пра яго подзвігі на вайне, а ў будучым буду расказваць пра яго сваім дзедзям.
|