Рудэнка Настасся, 11 клас
Рудэнка Людміла Раманаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Любіць саху, пчалу, зямлю
І аднаму маліцца богу –
Нялёгкай працы, мазалю.
Таму і праўнуку і ўнуку
Было няміла нішчыць, біць;
Ён вывучаў адну навуку,
Адно евангелле: рабіць…
Е. Лось
Мой дзядуля належыць да таго пакалення палешукоў (а родам ён з Палесся), якія адрозніваюцца глыбокім разуменнем жыцця, сапраўднай, а не паказной выхаванасцю. І нягледзячы на сучасны век, такі тлумны і непрадказальны, ён не страціў аптымізму, веры і надзеі ў заўтрашні дзень. Яму ўжо 80 гадоў, а ён маладзейшы душой за многіх з нас. Я лічу, што духоўнасць у такіх людзей, як мой дзядуля, не страчваецца, а, наадварот, набывае яшчэ большую глыбіню і чысціню.
Жыццёвая мудрасць і ўнутраная інтэлігентнасць дзеда Рамана выяўляецца ва ўсім: у паводзінах, парадах, жартах.. За яго трапнае слова, слушную параду, сціпласць і працавітасць любяць яго не толькі блізкія, але і аднавяскоўцы.
З маленства чула ад дзядулі то калыханкі і забаўлянкі, то казкі і прыказкі… Я расла ў суправаджэнні цёплага, роднага, павучальнага, магічнага дзядулевага слова. І толькі зараз я зразумела , што гэтае народнае слоўка ніколі не сказана было проста так, без сэнсу, без выхаваўчага значэння. Так магічная сіла слова тварыла сапраўдныя цуды: яго меладычная калыханка адразу супакойвала і пераносіла мяне ў свет мрой і надзей, казка тлумачыла правілы паводзін, лічылка развівала ўяўленне пра наваколле, прымаўка “ставіла” на месца, прымусіўшы чырванець за дрэнны ўчынак…
Я стала дарослай, а “дзядулевы казкі” мяне не адпускаюць. Мне стала цікава, адкуль ён столькі ведае, а ці “слухаўся” ён сваіх бацькоў і ўвогуле, як раней выхоўвалі дзяцей у сям’і. У мяне нават з’явілася свая фанатэка “Успаміны дзеда Рамана”. Спачатку там з’явіліся горкія ўспаміны дзядулі пра сваё дзяцінства, апаленае вайной, потым аповед пра палескія мянушкі. А не так даўно мае аўдыёзапісы папоўніліся старонкай “Народная педагогіка дзеда Рамана”. Пра выхаванне ў ранейшы час, пра ролю бацькі ў сям’і, пра вялікую сілу Народнага Слова распавядаў дзядуля мне з вялікім задавальненнем, з надзеяй, мабыць, на непарыўную повязь пакаленняў.
Прапаную аповед першы “Праца ўсяму аснова” :
У сям’і раней кожнае дзіця мела сваю работу: або скаціну пасціць, або ў поле есці несці, прыбраць хаціну ці памыць рэнці( адзенне). Не было калі і выхоўваць іх, маралі вычытваць. А мараль гэта была ў казках, што пры лучыне расказвалі старэйшыя на печы або ў матчыных песнях. Там табе і вучоба, і ласка, і мараль жыццёвая…Ну, а вячэра, дык гэта зусім святое. Усе абавязкова разам збіраліся за сталом. Гаварылі пра паводзіны кожнага, што ён зрабіў за дзень. Усяго тут было: і смеху,і жарту, ну і планам на заўтра.
Добра было раней, што ў адной сям’і жылі тры пакаленні, бо вопыт перадаваўся не толькі ад бацькоў, але і ад дзядоў і прадзедаў. Вось жывучы разам, і перадавалі яны сваю жыццёвую мудрасць, парады слушныя давалі, ды і дзетак меншых забаўлялі то казкаю, то пацешкаю.
Дзеткі раслі паслухмянымі, бо бацькоўскае слова дарэмна не гаворыцца. Праўду ў народзе кажуць: дзеці балуюцца ад матчынага блінца, а разумнеюць ад бацькавага дубца. Дзяцей вучылі паважаць старэйшых, звяртацца да іх на “Вы”. Хваліць іх, “распускаць” залішне не трэба было, каб не сталі ганарлівымі, нясціплымі. Гадаваліса дзеці ў любві, але ў строгасці. “Любі дзіця, як душу, а калаці, як грушу” – часта гаварыў мой дзед Гераська.
Аповед другі “Бацька – прыклад ва ўсім”:
Бацька заўсёды меў аўтарытэт і ўладу над дзецьмі, ён быў прыкладам для падражання. Патрабавальны і строгі, усе роўна любіў вельмі сваіх блізкіх. Маці карміла, даглядала дзяцей , а бацька – кармілец і абаронца сям’і быў.
За ім кожнае дзіця было як за каменнай сцяной, таму паважалі і шанавалі яго ўсе сямейнікі.
Слова бацькі – закон, два разы ён не будзе паўтараць, бо бацькавае слова дарэмна не гаворыцца. Вось таму яго распараджэнні і загады не абмяркоўваліся, а выконваліся ўсімі дзеткамі. Бацька дапамагаў сынам будавацца, калі яны аддзяляліся ад яго, набываў скаціну, а дачкам рыхтаваў пасаг ды грошы.
Бацька раней мог і пару для шлюбу выбраць сам дачцэ ці сыну, і яму рэдка пярэчылі, бо так было прынята спрадвеку.
Спрэчкі, балаўство дзецей бацька спыняў адным позіркам, бо вельмі ж дзеці баяліса пакарання, асабліва дубчыкам ці вяроўкаю.. Нельга сказаць, што жорсткі быў бацька, усё было па справядліваму, таму яго хоць і баяліся, але паважалі і любілі.
Асабліва вялікі ўплыў аказваў бацька на хлопчыкаў, пасля 12 гадоў ад мамчынай апекі сын пераходзіў пад бацькаву. Бацька гатовіў для сябе пераеемніка і вучыў сыноў розным мужчынскім справам: баранаваць, касіць, араць, цяслярыць, віць вяроўку… Бацька паказваў прыклад ва ўсім, бо людзі ж скажуць: які бацька, такі і сын. Вось ён і вучыў спрыту, мужнасці, адказнасці сваіх сыноў.
Аповед трэці “ Магічнае дзедава слова”.
Я цяпер ведаю, што раней найважнейшым сродкам выхавання з’яўлялася вусная народная творчасць – казкі, легенды, паданні, загадкі, пацешкі, прыказкі, песні…З маленства дзеці былі не толькі сузіральнікамі, а і актыўнымі ўдзельнікамі шматлікіх звычаяў, і абрадаў. Адначасова на іх пачуцці і розум адбывалася ўздзеянне. Магічная сіла народнага слоўка тварыла сапраўдныя цуды: яно і супакойвала, і лячыла, і вучыла, і тлумачыла, і засцерагала, і раіла. Адным словам, у дзяцей , пачынаючы ўжо з калыханак, фарміравалася уласнае светабачанне, усе жанры вуснай народнай творчасці узбагачалі іх і ўзвышалі духоўна.
Сапраўднай скарбонкай народна-педагагічнай мудрасці з’яўляюцца прыказкі і прымаўкі. Для падмацавання сваіх довадаў, разваг мой дзядуля таксама часта ўжывае гэтыя крылатыя выслоўі. “Без прымаўкі і прыказкі гаворка, шчо еда без солі” – дакляруе дзед Раман. Я папрасіла яго пракаменціраваць любімыя яго залацінкі мудрасці ( запісы прыказак зроблены з захаваннем асаблівасцей палескіх гаворак):
Адна дачка не стоіць і петачка –гавораць пра тыя сем’і, дзе адна дачушка расце рапешчанай. Мазонай.
Багатаму й чорт дзецей калышэ – гэта значыць, вельмі шанцуе заўсёды багатым.
Вінавата хата, шчо разбесціла Ігната – бацькі нясуць адказнасць за паводзіны сына. бо яны яго так выгадавалі і выхавалі.
Хто заб’е бабра, той не мае дабра – трэба любіць усё жывое.
У каго ўсе дочкі – будзе лапіць сарочкі - многа трэба гатовіць пасагу і грошай для дочак.
Хата без хаджайкі бу тые пчолы без маткі – пра любоў да маці і важнасць яе у жыцці кожнага чалавека.
Дай еечко, дэй ешчэ аблупленэ – пра гультаёў гэтак гавораць.
Гнілая калода варочаецца – трэба працаваць, бо летом і гнілая калода варочаецца (так часта любіў гаварыць мой дзед Гераська).
У маём раду як у меду – пра дружную радзіну, род свой.
Я вельмі люблю свайго дзядулю, разумнага, мудрага, разважлівага . Нягледзячы на няпросты лёс яго, на сучаныя віхуры жыцця, для мяне ён заўсёды з’яўляецца прыкладам выхаванасці, дабрыні, унутранай прыгажосці.
Дзядулевы аповеды буду занатоўваць і далей, каб не парушыць повязь пакаленняў, каб голас жывога сведкі гісторыі роду і сям’і данесці і сваім нашчадкам.
|