Марыя Шухто
На маім стале стаіць глобус – наша планета ў мініяцюры. Якая яна яркая: блакітная, сіняя, зяленая! І толькі няма на ёй дзвюх фарбаў: чырвонай – колеру крыві і чорнай – колеру гора.
Прайшло столькі гадоў,але кожны беларус у сваім сэрцы захаваў боль і памяць аб загінуўшых, бо вайна не абышла ні адну сям’ю. Я бачыла страшныя кадры ў фільмах,чытала пра вайну ў кнігах, але больш ярка ўяўляю ўвесь жах перажытага, слухаючы расказы бабулі і дзядулі.
У гады вайны мой дзядуля жыў на акупіраванай тэрыторыі нашага раёна (в. Гадзень, цяпер Зялёны Бор). Ён быў падлеткам, калі пачалася вайна, але, як мог, стараўся дапамагчы партызанам: прыносіў ім харчы, перавозіў грузы і нават запіскі з важнымі звесткамі, хаваючы іх у вушах каня. А калі немцы падышлі да вёскі і хацелі расстраляць жыхароў за сувязь з партызанамі, людзі схаваліся на востраве ў балоце. Немцы доўга абстрэльвалі востраў, але ніяк не маглі да яго падабрацца. Людзі на востраве вельмі галадалі, асабліва маленькія дзеці. Выратоўвала многіх дзяцей ад смерці малако каровы, якую мой дзядуля хітрасцю прывёў на востраў. Жывёлы не хацелі ісці праз балота, а дзядуля ўзяў на рукі цялятка і панёс. За ім пайшла і карова. Усе астатнія каровы вярнуліся ў вёску да сваіх хат, і немцы іх пастралялі.
А калі вёску вызвалілі, сямнаццацігадовым юнаком дзядуля пайшоў на фронт. Сямнаццаць гадоў! Самы цудоўны час для таго, каб ажыццяўляць свае мары, вучыцца, кахаць. Дзядуля расказваў, што даводзілася пры фарсіраванні рэк стаяць па шыю ў ледзяной вадзе, а побач ірваліся снарады, гінулі сябры.
Вайна застала бабулю ў нашым родным пасёлку, у Старобіне. Ёй было столькі ж гадоў, колькі і мне. Можа, менавіта пагэтаму я так выразна ўяўляю вайну. Бывае. Што мне здаецца: вайну я бачу вачыма бабулі. І гэта не яна з болем, з плачам гаворыць пра расстрэлы і гібаль сваіх землякоў, а я – перажываю, плачу.
Бабуля расказала, што ў Старобіне да вайны жыло многа яўрэяў, з якімі немцы распрўляліся з асаблівай лютасцю. У ваколіцах старобіна ёсць многа невядомых магіл. Некаторыя з іх яна мне паказвала.
Больш за ўсё мяне ўразіла гісторыя, якую расказала бабуля пра адну яўрэйскую дзяўчыну. Дзяўчыне было каля пятнаццаці гадоў. Людзі хавалі яе. Але аднойчы была аблава. Нервы дзяўчыны не вытрымалі. Яна выскачыла са сваёй схованкі і пабегла на вуліцы. Немцы яе растралялі на вачах у людзей. Мне здаецца, што я яе бачу: вочы, поўныя жаху, уся растропаная, спужаная. Чую, як яна крычыць і падае, падае, падае… Хочацца спыніць час, павярнуць яго назад.
Мне таксама запомнілася яшчэ адна страшная гісторыя, што адбылася ў вёсцы Рахавічы. Яе таксама расказала бабуля. Калі немцы захапілі вёску, людзі ўцяклі ў лес. У адной сям’і і здарылася гора. З кажуха выпала маленькае дзіця. Немцы схапілі яго, запалілі ў хаце святло, падвесілі дзіця і пачалі здзекавацца з яго, ведаючы, што людзі назіраюць за імі. Маці хацела бегчы ўслед за дзіцём. Але людзі разумелі, што дапамагчы нельга, што гэта абернецца гібеллю для іншых. І жанчыну прывязалі да дрэва і заткнулі ёй рот. Які страшны жах прыйшлося вытрымаць маці, на вачах у якой паціху гінула яе дзіця. Ад гэтага можна было страціць розум. І ўсё гэта патрэбна было перажыць, вынесці.
Сёння мы ведаем імёны многіх юных герояў. Старобінцы ўшаноўваюць памяць Алега Вабішчэвіча. Але ёсць яшчэ адно імя, якое павінна стаць побач. Гэта Грынюк Яўген Пракаповів, або проста Жэня, як яго звалі тады, у сорак першым. Яму было чатырнаццаць гадоў.
Калі немцы захапілі Старобін, патрэбна было тэрмінова паведаміць аб гэтым партызанам. Жэня ведаў, дзе быў размешчаны штаб і пабег туды. Але немцы перахапілі яго і расстралялі. Маці і сястра закруцілі цела забітагаў коўдру, паклалі на воз і завезлі на могілкі. Старобінцы з болем успамінаюць гэтую скромную працэсію. Паліцаі і немцы запоўнілі вуліцы, і ніхто не мог разам з роднымі пайсці на могілкі. Людзі са спачуваннем і горыччу выглядвалі з вокан сваіх хат, з-за весніц.
Пасля вайны, калі праводзілі перазахараненні, родныя не змаглі яшчэ раз патрывожыць слабое сэрца маці і не паказалі месца пахавання. Але я лічу, што гэта імя мы павінны помніць і свята ўшаноўваць светлую памяць героя.
А яшчэ бабуля расказвала пра аднаго чалавека. Ён служыўу немцаў перакладчыкам. Людзі гаварылі, што ён перадаваў звесткі нашым. Немцам стала вядома, і яны яго моцна катавалі, а затым расстралялі. Паміж вуліцамі Дрызгаловіча і Балінічнай у Старобіне ёсць невялічкая дуброва. Там ён і быў пахаваны. Ніхто не ведае яго імені. Ён так і застаўся невядомым салдатам. Але калі я праходжу паўз дуброву, я аб ім успамінаю. Шапацяць задумліва дрэвы, быццам хочуць расказаць сумную тайну на сваёй незразумелай мове. Хочуць сказаць нам: "Помніце сваіх герояў, вядомых і безымянных”.
Страшна ўявіць пачуцці кожнага салдата ў яго перадсмяротныя хвіліны, ад гэтага мог бы закрычаць увесь сусвет. А боль у сэрцах маці, жонак, сясцёр, дзяцей.
Памяць аб вайне – жывы боль, ён прымушае берагчы і абараняць мір.
Колькі б ні прайшло гадоў, кім бы я ні стала, свята буду берагчы ўспаміны родных аб вайне, жыць па ім запаветам:” Нам патрэбен мір!”
Я ненавіджу вайну…
________________________________
Шухто Мария Александровна, выпускница Старобинской школы
На основе воспоминаний участника Великой Отечественной войны Астрейко Леонида Захаровича и Астрейко Александры Ивановны